21 лютага 2025 года ва ўніверсітэце адбылася літаратурная гасцёўня, прысвечаная Дню роднай мовы. Факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства прадстаўляла студэнтка 4-га курса Алехновіч Юлія. Яна прачытала пранікнёны верш Янкі Купала «Спадчына»:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны

Вясеннія праталіны,

І лесу шэлест верасны,

І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін

На ліпе бусел клёкатам

І той стары амшалы тын,

Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят

Бляянне-зоў на пасьбішчы,

І крык вароніных грамад

На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

Ці трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,

Як вечны светач-полымя,

Што сярод цемры і глушы

Мне свеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям’я

І сніць з ім сны нязводныя...

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

 

Гэты верш быў напісаны ў далёкім 1918 годзе. Але і сёння ён не страціў сваёй актуальнасці. Юлія імкнулася перадаць гэтую думку сваім слухачам, і яны адказалі ёй удзячнымі апладысментамі!


© 2025 Факультет педагогики и психологии детства
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь